ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.
Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял. кн. ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.Руцкі, Л.Крэўза, А.Дубовіч, Ф.Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.
Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.
А.А.Ярашэвіч.
т. 4, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)